План Чытанні Бібліі
Май 29


1 Самуіла 4:1-21
1. І было слова Самуіла да ўсяго Ізраіля. І выступілі Ізраільцяне супроць Філістымлянаў на вайну і атабарыліся каля Авэн-Эзэра, а Філістымляне атабарыліся каля Афэка.
2. І выстраіліся Філістымляне супроць Ізраільцянаў, і адбылася бітва, і былі пабіты Ізраільцяне Філістымлянамі, якія пабілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.
3. І прыйшоў народ у табар; і сказалі старэйшыны Ізраільскія: за што пабіў нас Гасподзь сёньня перад Філістымлянамі? возьмем сабе зь Сілома каўчэг запавета Гасподняга, і ён пойдзе сярод нас і ўратуе нас ад рукі ворагаў нашых.
4. І паслаў народ у Сілом, і прынесьлі адтуль каўчэг запавета Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах; а пры каўчэгу запавета Божага былі і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс.
5. І калі прыбыў каўчэг запавета Гасподняга ў табар, увесь Ізраіль падняў такі вялікі крык, што зямля стагнала.
6. І пачулі Філістымляне шум крыкаў і сказалі: чаго такія моцныя крыкі ў табары Габрэяў? І даведаліся, што каўчэг Гасподні прыбыў у табар.
7. І спалохаліся Філістымляне, бо сказалі: Бог той прыйшоў да іх у табар. І сказалі: гора нам! бо не бывала падобнага ні ўчора, ні заўчора;
8. гора нам! хто выбавіць нас ад рукі гэтага магутнага Бога? гэта — Той Бог, Які пабіў Егіпцян усялякімі карамі ў пустыні;
9. умацуйцеся і будзьце мужныя, Філістымляне, каб вам ня быць у рабстве ў Габрэяў як яны ў вас у рабстве; будзьце мужныя і паваюйце іх.
10. І біліся Філістымляне, і пабітыя былі Ізраільцяне, і кожны пабег у намёт свой, і была параза вельмі вялікая, і загінула ў Ізраільцянаў трыццаць тысяч пешых.
11. І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс, памерлі.
12. І пабег адзін Веньямініцянін зь месца бітвы і прыйшоў у Сілом таго ж самага дня; вопратка на ім была падраная і пыл на галаве ў яго.
13. Калі прыйшоў ён, Ілій сядзеў на сядзеньні пры дарозе каля варот і глядзеў, бо сэрца ягонае трымцела за каўчэг Божы. І калі чалавек той прыйшоў і абвясьціў у горадзе, дык моцна застагнаў увесь горад.
14. І пачуў Ілій гукі ляманту і сказаў: чаго такі шум? І адразу падышоў чалавек той і абвясьціў Ілію.
15. Ілію было тады дзевяноста восем гадоў; і вочы ў яго патухлі, і ён ня мог бачыць.
16. І сказаў той чалавек Ілію: я прыйшоў з табара, а сёньня бег я з поля бітвы. І сказаў Ілій : што адбылося, сыне мой?
17. І адказваў весьнік і сказаў: пабег Ізраіль перад Філістымлянамі, і параза вялікая адбылася ў народзе, і абодва сыны твае, Офні і Фінээс, памерлі, і каўчэг Божы ўзяты.
18. Калі спамянуў ён пра каўчэг Божы, Ілій упаў зь сядзеньня наўзнак каля варотаў, зламаў сабе хрыбет і памёр; бо ён быў стары і цяжкі. А быў ён судзьдзя Ізраіля сорак гадоў.
19. Нявестка ягоная, жонка Фінээсава, была цяжарная ўжо перад родамі. Калі пачула яна вестку пра ўзяцьце каўчэга Божага і пра сьмерць сьвёкра свайго і мужа свайго, дык упала на калені і нарадзіла, бо падступіліся да яе болі яе.
20. І калі памірала яна, дык жанчыны, якія стаялі каля яе, казалі ёй: ня бойся, ты нарадзіла сына. Але яна не адказвала і не зважала.
21. І назвала дзіця: Іхавод , сказаўшы: "адышла слава ад Ізраіля" — з узяцьцем каўчэга Божага і зь сьмерцю сьвёкра яе і мужа яе.

1 Самуіла 5:1-12
1. А Філістымляне ўзялі каўчэг Божы і прынесьлі яго з Авэн-Эзэра ў Азот.
2. І ўзялі Філістымляне каўчэг Божы, і ўнесьлі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
3. І ўсталі Азацяне рана на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць тварам сваім да зямлі перад каўчэгам Гасподнім. І ўзялі яны Дагона і зноў паставілі яго на сваё месца.
4. І ўсталі яны раніцай на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць ніцма на зямлі перад каўчэгам Гасподнім; галава Дагонава і абедзьве нагі яго і абедзьве рукі ягоныя адцятыя, кожная асобна, на парозе, засталося толькі тулава Дагонава.
5. Таму жрацы Дагонавы і ўсе, хто прыходзіў у капішча Дагона ў Азот, ня ступаюць на парог Дагонаў да сёньня.
6. І ацяжэла рука Гасподняя над Азацянамі, і Ён пабіваў іх і пакараў іх пакутлівымі нарасьцямі, у Азоце і ў навакольлі яго.
7. І ўгледзелі гэта Азацяне і сказалі: хай не застанецца каўчэг Бога Ізраілевага ў нас, бо цяжкая рука ў Яго і для нас і для Дагона, бога нашага.
8. І паслалі, і сабралі да сябе ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Бога Ізраілевага? І сказалі: няхай каўчэг Бога Ізраілевага пяройдзе ў Гэт. І адправілі каўчэг Бога Ізраілевага ў Гэт.
9. Пасьля таго, як адправілі яго, была рука Гасподняя на горадзе — жудасьць вельмі вялікая, і пабіў Гасподзь жыхароў горада ад малога да вялікага, і паказаліся на іх нарасьці.
10. І паслалі яны каўчэг Божы ў Аскалон. І калі прыйшоў каўчэг Божы ў Аскалон, заенчылі Аскаланіцяне, кажучы: прынесьлі да нас каўчэг Бога Ізраілевага, каб аддаць сьмерці нас і народ наш.
11. І паслалі, і сабралі ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: вышліце каўчэг Бога Ізраілевага; няхай ён вернецца ў сваё месца, каб ня ўсьмерціў ён нас і нрарод наш. Бо сьмяротная жудасьць была на ўсім горадзе: вельмі ацяжэла рука Божая на іх.
12. І тыя, якія не памерлі, пакараныя былі нарасьцямі, так што енк горада падымаўся да нябёсаў.

Псалмы 53:1-7
1. Кіроўцу хору. На струнных. Вучэньне Давідава,
2. калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: "ці ня ў вас хаваецца Давід?"
3. Божа! імем Тваім уратуй мяне, і сілаю Тваёю судзі мяне.
4. Божа! пачуй малітву маю; уваж словам вуснаў маіх,
5. бо на мяне чужыя паўсталі, і дужыя шукаюць душы мае; яны ня маюць Бога перад сабою.
6. Вось, Бог мой памочнік; Гасподзь мацуе душу маю.
7. Ён за зло ворагаў маіх пакарае; ісьцінай Тваёю зьнішчыць іх.

Прытчы 15:12-13
12. Ня любіць распусьнік тых, што за­сьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
13. Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.

Лука 21:1-19
1. І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;
2. убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,
3. і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;
4. бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.
5. І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
6. прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.
7. І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?
8. Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі.
9. А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец.
10. Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
11. будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азнакі зь неба.
12. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
13. а будзе гэта вам на сьведчаньне.
14. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
16. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб’юць;
17. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
18. але і волас з галавы вашай не прападзе.
19. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.